СЛУЦКI РАЁН У ГАДЫ ВЯЛIКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

З нагоды Дня Незалежнасцi нашай краiны студэнтка 2 курса факультэта мiжкультурных камунiкацый  Настасся Заяц падрыхтавала даследаванне аб сваёй роднай Случчыне ў гады Вялiкай Айчыннай вайны.

 

Ляцяць хвіліны, бягуць гадзіны, мінаюць гады, змяняюць падзеі адна другую. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны з кожным годам адыходзяць усё далей у мінулае. Але ніколі веліч той Перамогі, якую здейсніў наш народ, вызваляючы нашу беларускую зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, не згасне ў памяці людской. Зноў і зноў углядаемся ў падзеі Вялікай Айчыннай вайны, імкнемся глыбей зразумець значэнне бітваў, якія адыгралі важную ролю на шляху да поўнай Перамогі над фашысцкай Германіяй. Памяць аб усіх, хто загінуў, абараняючы зямлю сваіх бацькоў, святая. Яна галоўны фактар кожнай дзяржавы. Калі не будзе такой памяці – не будзе і дзяржавы. Чалавек жыве, пакуль помніць і пакуль яго помняць. У французаў ёсць выдатная прыказка: “У краіне, дзе не шануюць мёртвых, не могуць любіць і жывых”. 

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Ваеннае камандаванне гітлераўскай Германіі распрацавала план вайны супраць СССР (план “Барбароса”), па якім на Чырвоную армію наступала група армій “Цэнтр”, “Поўнач” і “Поўдзень”. У гэтым плане ўпаміналіся Слуцк і Бабруйск. На гэтых напрамках выступала танкавая армія генерала Г. Гудэрыяна і 4-я армія фельдмаршала Г. Клюге.  

З першых дзён акупацыі Беларусі супраць ворагаў змагаўся ўвесь народ. Змагаліся супраць фашысцкіх захопнікаў і людзі Случчыны. З першых дзён вайны пачалі ўзнікаць падпольныя групы, якія былі арганізатарамі партызанскага руху. Ужо на трэці дзень пасля пачатку вайны загадчык ваеннага аддзела Грэскага райкама партыі Уладзімір Іванавіч Заяц атрымаў загад ад сакратара Мінскага абкама партыі В.І. Казлова застацца ў раёне для арганізацыі падпольнай работы. У.І. Заяц выбраў вёску Гацук цэнтрам падполля, бо ён там нарадзіўся і вырас. Вёска знаходзілася ў леса-балоцістай мясцовасці, побач з шашой Мінск-Слуцк, па якой дзень і ноч рухаліся гітлераўскія войскі. Усё гэта было зручным для падпольшчыкаў. У.І. Заяц сустрэўся з камуністамі вёсак Белы Бор, Залессе, Гацук і стварыў арганізацыю Гацукоўскага падполля. У яе ўваходзілі К.В. Заяц, І.В. Заяц, І.В. Нямковіч, М.С. Пакалевіч, А.П. Хоцька, М.Ц. Каляда, М.М. Матусевіч, Ц.М. Каляда, Ю.М. Каляда, А.М. Дубовік і іншыя. Удзельнікі падполля збіралі зброю, лячылі раненых, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро (радыёпрыёмнік хавалі на гарышчы хаты Ю.А. Каляды ў вёсцы Залессе), збіралі звесткі аб руху варожага транспарту. Падпольшчыкі А.М. Бурак, яго жонка Яўдакія і сыны Аляксандр і Анатоль, В.А. Нямковіч, І.Ф. Крэпскі праводзілі вялікую работу. Але здраднік выдаў іх немцам. Іх арыштавалі і адправілі ў мінскую турму. Там яны загінулі ад нечалавечых пакут.  

У ліпені 1941 года ў Вераб’ёўскіх лясах быў створаны першы партызанскі атрад пад камандаваннем М.М. Лібенкова, яго намеснікам быў В.Я. Шпакоўскі, а камісарам – У.І. Заяц. Там У.І. Заяц сустрэў генерал-маёра М.П. Канстанцінава, які крыху пазней стаў камандзірам партызанскага атрада ў вёсцы Крывая Града. Цесную сувязь з гэтым атрадам трымаў старшыня калгаса імя Варашылава А.Ф. Нямковіч. Ён забяспечваў партызан прадуктамі харчавання, медыкаментамі і зброяй. На востраве Капытнік адбылася бітва паміж партызанскім атрадам Канстанцінава і фашыстамі, падчас якой 28 карнікаў загінулі. Інфармацыю пра план фашыстаў перадала падпольшчыца М.Ц. Радзюкевіч. Як напамін аб гэтых падзеях у вёсцы Крывая Града быў пастаўлены помнік.  

Вялікае выпрабаванне выпала на долю У.І. Зайца. Зімой 1942 года нямецкія карнікі расстралялі яго жонку Г.Я. Заяц і яе маці Х.П. Хоцька, а яго маленькага сына забілі аб вугал хаты. У.І. Заяц памёр у 1980 ад цяжкай хваробы. Яго пахавалі побач з загінуўшымі баявымі сябрамі каля вёскі Палікараўка. 

Вялікая работа, якая праводзілася падпольшчыкамі, дала станоўчы вынік: узмацняўся партызанскі рух, многія падпольшчыкі сталі партызанамі. У вёсцы Белы Бор з 1943 па 1944 год дыслацыраваліся атрад імя “26-летия Октября” (камандзір – П.А. Гаўрыловіч) і атрад імя А.Матросава (камандзір – І.С. Лаконцаў). Зараз аб тых ваенных падзеях нагадвае помнік, які ўстаноўлены пры ўездзе ў вёску Белы Бор. У лютым 1943 года вёску Белы Бор і яе жыхароў хацелі знішчыць. Немцы заходзілі ў хаты, разбівалі коміны печаў, білі прыкладамі людзей і выганялі на вуліцу. Жанчын і дзяцей сагналі ў хату Казючыц Е.І., а мужчынам загадалі стаяць каля хаты Бурак Е.Г. Але жыхарам дапамог паліцай, па прозвішчы Сівец, які працаваў па заданні партызан у немцаў. Дзякуючы гэтаму чалавеку людзі засталіся жывыя. Вызваліўшы родную зямлю ад фашысцкіх захопнікаў, многія мужчыны так і не вярнуліся з франтоў. У вёску Белы Бор не вярнуліся 17 яе жыхароў.  

Вайна таксама закранула жыхароў вёскі Азерцы. Больш за 60 чалавек былі мабілізаваныя на барацьбу з фашысцкімі захопнікамі. Тэрыторыя калгаса была часова акупіравана немцамі, якія рабавалі насельніцтва, усю калгасную і свойскую жывёлу забіралі і адпраўлялі ў Германію. Немцы расстралялі 6 жыхароў, спалілі 5 хат, а ў адной з іх засталіся старая бабуля і яе маленькая ўнучка, якія згарэлі жыўцом. Гэтыя жудасныя крыкі чулі многія жыхары вёскі.  Насельніцтва вёскі не хацела мірыцца з фашысцкімі захопнікамі, і людзі ішлі ў партызанскія атрады. Актыўнымі партызанамі былі В.Р. Казючыц, У.М. Бурак. Многія мужчыны адправіліся на фронт, але так і не вярнуліся назад. Больш за 40 чалавек не вярнуліся з франтавых дарог. Не наканавана было жыхарам вёскі сустрэць бацькоў, мужоў, братоў, сыноў.  

Таксама дзейнічаў партызанскі атрад 225-ай брыгады імя А.В. Суворава пад камандаваннем Гаўрыловіча Сцяпана Пракопавіча. Ён нарадзіўся ў вёсцы Буда Грэская, праявіў сябе мужным і смелым воінам у барацьбе з ворагам, быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны першай ступені. У вёсцы Буда Грэская знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер для ваеннапалонных. Лагер быў створаны для нарыхтоўкі і вывазу драўніны. Ваеннапалонныя прыбылі ў лагер у чэрвені 1943 года. Мой дзядуля расказваў мне, што тыя ваеннапалонныя пабудавалі будынак школы. 

У красавіку 1942 года ў тыл ворага з Масквы прыбыў дыверсійна-разведвальны атрад асобага прызначэння “Местные” пад камандаваннем Ваўпшасава Станіслава Аляксеевіча (падпольная мянушка Градаў). Атрад налічваў 30 чалавек, сярэдні ўзрост 20-25 гадоў. Галоўнай задачай атрада была дыверсійна-разведвальная работа, устанаўленне сувязі з мясцовым насельніцтвам, партызанамі, падпольшчыкамі. С.А. Ваўпшасаў быў асабіста знаёмы з В.З. Каржом і К. Арлоўскім. Месца для размяшчэння атрада знайшлі зручнае, гэта быў Вераб’ёўскі лес Грэскага раёна. З двух бакоў былі Вароніцкія балоты, а з боку шашы Мінск-Слуцк працякала рэчка Случ. Разведчыкі гэтага атрада даведаліся, што ў вёсцы Шышчыцы стаяў нямецкі гарнізон у 250 чалавек з дзвюма 76-міліметовымі гарматамі; у вёсках Буда-Грэская і Белая Лужа стаяў гарнізон у 90 чалавек з браневікамі; у мястэчку Шацк знаходзіўся карны атрад у 300 чалавек. 

 У вёсцы Буда Грэская жыў Каляда Васіль Аксёнавіч, які пазней далучыўся да атрада Градава ў якасці сувязнога. Ён паведаміў партызанам, што для гарнізона Белай Лужы немцы прыгналі жывёлу, шмат прадуктаў харчавання і ўсё гэта можна адабраць у немцаў. Для правядзення гэтай аперацыі было выдзелена 20 партызан. Партызаны забралі жывёл і прадукты харчавання, але яны вельмі стаміліся і вырашылі адпачыць у вёсцы Крывая Града. Потым яны раптам пачулі кулямётныя чэргі. Каб выратаваць сваіх баявых таварышаў, два сябры Р. Мухамендзіяраў і М.Ц. Вітко засталіся ў вёсцы. М.Ц. Вітко загінуў, ён быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны першай ступені пасмяротна.  

У атрадзе Градава ратаваў раненых і лячыў хворых ваенны хірург Міхаіл Астроўскі. Яго прывялі разведчыкі з вёскі Кашалі Пухавіцкага раёна, дзе ён апынуўся ў час выхаду з акружэння. У 1982 годзе бацька В.К. Закрэўскай, жыхаркі вёскі Гацук, К.В. Заяц сустрэў у санаторыі свайго выратавальніка М. Астроўскага, які у той час таксама працаваў урачом. К.В. Заяц быў партызанам брыгады №225 імя А.В. Суворава Мінскай вобласці.  

Мужнасць і адвагу праявіў разведчык і сувязны Ф.В. Баравік. Ён быў разведчыкам-падрыўніком у атрадзе Градава.  

Дзейнасць атрада “Местные” была шматграннай. Яны вялі разведку, праводзілі дыверсіі, арганізоўвалі падпольныя группы, дапамагалі мясцовым жыхарам. Нямецкая служба бяспекі добра ведала пра гэты атрад, які знаходзіўся пад Мінскам, і настойліва палявала на яго. Але ўсё марна, таму што Ваўпшасаў быў вопытным камандзірам і ўмеў своечасова мяняць базы і прахадзіць праз нямецкія засады.  

Разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў пад Сталінградам, на Курскай дузе ўзняў баявы дух партызан. З кожным днём пашыралася партызанская барацьба. Людзі сем’ямі ішлі ў партызаны. Набліжаўся дзень наступлення Чырвонай Арміі. Была распрацавана аперацыя “Баграціён”. Камандуючы 1-ым Беларускім фронтам К.К. Ракасоўскі перакінуў у атрад Градава двух штабных афіцэраў з рацыямі для перадачы звестак у штаб фронта. Таксама ў атрад Градава былі накіраваны 40 аўтаматчыкаў.  

Беларускія партызаны сваімі актыўнымі баявымі дзеяннямі трымалі немцаў у пастаянным напружанні. Адной з найважнейшых задач партызан з’яўлялася дабыванне для савецкага камандавання разведвальных звестак. Партызаны вызначалі раёны дыслакацыі і склад тактычных рэзерваў праціўніка, давалі каштоўныя данясенні аб знаходжанні апорных пунктаў праціўніка.  

У канцы мая 1944 года нямецка-фашысцкае камандаванне вырашыла акружыць і знішчыць партызан. Іх мэтай было знішчэнне партызанскіх груповак у раёне Мінск-Слуцк-Асіповічы. Разведчыкі атрада Градава данеслі, што гарнізоны ў Белай Лужы, Буда Грэскай, Шышчыцах рыхтуюцца да наступлення. Каб перакрыць акупантам дарогу Градаў выслаў 3 роты партызан. У 3 месцах завязаліся баі. У гэтых баях загінула амаль 300 варожых салдат, вораг адступіў. Задуманная нямецка-фашысцкім камандаваннем аперацыя па знішчэнні партызанскіх атрадаў і брыгад правалілася. Гітлераўцы вымушаны былі зняць частку войскаў з фронта, а партызаны адцягвалі на сябе ўвагу гэтых войскаў і тым самым дапамагалі Чырвонай Арміі.  

За 28 месяцаў дзейнасці атрада асобага прызначэння “Местные” пушчана пад адхон 187 эшалонаў, знішчана 14000 варожых салдат і афіцэраў, праведзена 57 вялікіх дыверсій, з іх 42 у Мінску. Атрад “Местные” разам са сваім камандзірам С.А. Ваўпшасавым 16 ліпеня 1944 года ўдзельнічаў у партызанскім парадзе ў Мінску. 19 лістапада 1944 года С.А. Ваўпшасаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Таксама адна з вуліц Мінска носіць яго імя. У вёсцы Вераб’ёва Слуцкага раёна стаіць помнік мужным байцам-партызанам атрада Градава.  

30 чэрвеня 1944 года быў вызвалены горад Слуцк. Горад вызваляў 1-ы Беларускі фронт. Войскі 1-га Беларускага фронту на працягу 1 ліпеня 1944 года вялі цяжкія баі на Мінскім напрамку. На Баранавіцкім накірунку войскі фронту вызвалілі цэнтры Мінскай вобласці: Капыль, Грэск, Чырвоную Слабаду. Армія генерал-палкоўніка П.А. Батава ва ўзаемадзеянні з партызанамі 225-ай брыгады імя А.В. Суворава вызвалілі Грэск, а напрыканцы дня вёску Белая Лужа. Немцы ўпарта супраціўляліся і каля вёскі Белая Лужа ўступілі ў бой. Гісторыю тых падзей нагадваюць помнікі, якія стаяць на могілках вёскі Белая Лужа.  

3 ліпеня 1944 года быў вызвалены Мінск. У тыле было многа нямецкіх войскаў, адзіным выхадам для іх засталося прарывацца праз Слуцкую шашу і ляснымі шляхамі адыходзіць на захад. Побач з шашой Мінск-Слуцк размясціліся вайсковыя падраздзяленні Чырвонай Арміі, каб перашкодзіць адыходу немцаў. Немцы рабілі ўсё магчымае, каб выйсці з акружэння, але гэта зрабіць удавалася толькі адзінкам.  

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Гацукоўскім сельскім савеце загінула 137 чалавек: в. Азерцы – 40 чалавек, в. Белая Лужа – 24 чалавека, в. Гацук – 14 чалавек, в. Залессе – 9 чалавек, в. Белы Бор – 16 чалавек, в. Крывая Града – 14 чалавек, в. Буда Грэская – 20 чалавек.  

Барацьба за вызваленне Беларусі з’яўляецца выдатным прыкладам самаахвярнасці і гераізму савецкіх воінаў і партызан. Беларуская зямля шчодра паліта крывёю сыноў і дачок усіх народаў былога Савецкага Саюза. Няма на нашай зямлі такога месца, якое б не было сведкам народнага подзвігу. Засталіся толькі абеліскі і помнікі, пад якімі спяць вечным сном сыны Айчыны. Яны не шкадавалі самага дарагога – жыцця. 

Вялікая бітва за Беларусь ужо стала гісторыяй, а гісторыю нельга павярнуць назад, але мы павінны ведаць, што нельга забываць мінулае. І мы не можам, не маем права забыць тых, хто цаной свайго жыцця заплаціў за шчасце людское, за мірнае неба над галавой.  

 

Пры падрыхтоўцы выкарыстаны: 

  1. Успаміны Закрэўскай В.К. 

  2. Аповеды старэйшых жыхароў вёсак Слуцкага раёна (збіранне звестак Закрэўскай В.К.). 

  3. Успаміны майго дзядулі Дубіны М.С. 

  4. Архіўныя дакументы брыгады №225 імя А.В. Суворава Мінскай вобласці, члена падпольнай партыйна-камсамольскай арганізацыі Грэскага раёна Зайца К.В. 

  1. Пасведчанне аб узнагароджанні Гаўрыловіча С.П. ордэнам Айчыннай вайны першай ступені. 



Творчество Наука

События

18 мая 2016