Крок у будучыню: клуб экскурсаводаў ФМК

Главное изображение на странице сайта МГЛУ
Першае пасяджэнне Клуба экскурсаводаў ФМК.

У апошнюю сераду 2016 года, 28 снежня, “турысты” – як “у народзе” называюць студэнтаў ФМК, якія навучаюцца на напрамку спецыяльнасці “Міжнародны турызм” – разам з выкладчыкамі кафедры гісторыі, сусветнай культуры і турызму сустрэліся на першым пасяджэнні Клуба экскурсаводаў ФМК.

…А пачалося ўсё яшчэ на пачатку верасня, калі ваш пакорны слуга даведалася ад аб’яднання «Student Network» (БДУ) пра існаванне клуба экскурсаводаў «СДВИГ» пры кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у турызме і гасціннасці (СГДуТіГ) Інстытута турызму БДУФК.

Ідэя аб’яднацца, каб спрабаваць свае сілы ў правядзенні экскурсій, атрымліваць вопыт, удасканальваць уменні і проста добра бавіць час, ужо даўно гучала на ФМК сярод «турыстаў» і іх выкладчыкаў. «Things get solved if you get involved» – дэвіз «Student Network». «Чаму б і не?» – падумала аўтар і звярнулася на кафедру гісторыі, сусветнай культуры і турызму з прапановай пераняць вопыт «СДВИГ»а, які, у прыватнасці, дапамагае будучым экскурсаводам рыхтавацца да атэстацыі ў Нацыянальным агенцтве па турызму. Ініцыятыва зараз жа была падхопленая загадчыкам кафедры Сяргеем Яўгенавічам Новікавым, а таксама дацэнтам кафедры Аляксандрам Георгіевічам Цымбалам і старшым выкладчыкам Вольгай Яўгенаўнай Куліковай. Такім чынам, «лёд тронулся».

У сераду 23 верасня да ФМК «на аганёк» – а менавіта ў наш найутульнейшы Цэнтр беларускай мовы і культуры – зазірнулі прадстаўнікі «СДВИГ»: старшыня клуба і старшы выкладчык кафедры СГДуТіГ Інстытута турызму БДУФК Алена Худніцкая і ўдзельнік арганізацыйнага камітэта «Фэста экскурсаводаў» Лізавета Дубінчына. Госці пазнаёмілі зацікаўленых «турыстаў» з накірункамі дзейнасці «СДВИГ»а: расказалі, як дапамагаюць адзін аднаму рыхтаваць экскурсіі, вычытваюць і выслухваюць таварышаў, спрабуюць сябе перад вялікай публікай на «Фэсце экскурсаводаў», рыхтуюць квэсты для Нацыянальнай бібліятэкі. А яшчэ яны сябруюць з Нацыянальным мастацкім музеем: дапамагаюць ладзіць «Ноч музеяў», ходзяць у госці да мастакоў і запрашаюць да сябе на майстар-класы ўжо легендарнага Мікіту Моніча… А яшчэ – проста сустракаюцца, каб за гарбаткай абмяняцца апошнімі навінамі экскурсійнай справы. А яшчэ – могуць сабрацца і паехаць разам у якую-небудзь аўтэнтычную вёсачку, каб ведаць пра Беларусь яшчэ крыху больш…

І да ўсіх гэтых прыемнасцей не толькі можна, але і трэба далучацца і студэнтам ФМК – бо як раз лінгвістычнай падтрымкі «СДВИГ»у часам як раз і не хапае. Але, пасля захопленага агляду неабсяжнага акіяну актыўнасцей і магчымасцей, якія адкрываюцца перад ФМК дзякуючы партнёрскім кантактам «СДВИГ»а з усімі вышэй пералічанымі ўстановамі і праектамі, нашыя выкладчыкі мудра спынілі свой погляд на самым блізкім і рэальным накірунку для прыкладання сіл – экскурсіях па Alma Mater. «СДВИГ» ужо даўно дапамагае турыстычнаму цэнтру роднага Інстытута турызму БДУФК з суправаджэннем гасцей у экскурсіях па навучальнай установе. З гэтага рацыянальна пачаць развівацца і Клубу экскурсаводаў ФМК: не злічыць, колькі гасцей МДЛУ, яго абітурыентаў і першакурснікаў губляліся ў пошуках чытальных залаў, буфетаў, аўдыторый ці корпуса «Д» універсітэта. Дома і сцены дапамогуць ФМКоўцам рабіць першыя прафесійныя крокі ў экскурсійнай справе. А потым ужо будзе відаць, над чым трэба больш працаваць пачаткоўцам, якіх гасцей лепш запрасіць на майстар-клас і куды самім ісці ў госці.

Ініцыятыву стварэння Клуба экскурсаводаў ФМК падтрымалі і на лістападаўскім Савеце факультэта. Але, напэўна, самае галоўнае, што за існаванне клуба «прагаласавалі прысутнасцю» самі «турысты» – больш за тузін студэнтаў 2, 3 і 4 курсаў ФМК, якія адклалі свае пераднавагоднія (чытай, заліковыя і перадэкзаменацыйныя) клопаты, каб сустрэцца з выкладчыкамі і абмеркаваць будучыню аб’яднання. Пачалі з дыялогу: першым запрошаным госцем стаў студэнт 5 курса, атэставаны гід-перакладчык Уладзіслаў Мамонаў (гр. 509, ФМК). Так, прысутныя студэнты мелі магчымасць задаць пытанні, звязаныя з прафесійнай падрыхтоўкай гідаў, і скласці сваё ўяўленне пра выклікі рынку працы. Прыйшлі да высновы: трэба развівацца, трэба працаваць і не баяцца брацца за асваенне новых відаў дзейнасці: «Всё сумею, всё смогу – я студент МГЛУ». І, галоўнае на сёння: новай сустрэчы, а значыць, і новым знаёмствам, і новым магчымасцям, і самому клубу – быць. А гэта значыць, што яшчэ адзін крок да паспяховай будучыні студэнтаў напрамку спецыяльнасці «Міжнародны турызм» – зроблены.

Владыка Іаанна, гр.509, ФМК



Творчество

События

18 мая 2016