70 год МДЛУ. Вiншавальны марафон працягваецца

Яна Владыка. Выпуск-2017

МДЛУ, любімы наш 'інʼязік' - ну што, віншую цябе! Гэта людзі ў свае 70 у асноўным сумуюць у чэргах па каўбасу ці па талончык да кардыёлага (калі яны не брытанскія пенсіянеры), а для ўнівера – самы сок: інстытуцкае малако на вуснах ужо абсохла, сам ты заўважна падрос (вунь як факультэты выпіраюць, ужо хутка і з корпусаў вырасцеш), і дзяўчаты да цябе ліпнуць – такі сабе мінскі хіпстар. Хаця сцены твае памятаюць і хіпі з патламі, і камсамольцаў з нажніцамі, і панкаў, і рэйвераў, і будучых чыноўнікаў, і тых, хто будзе ім пісаць прамовы, а потым іх і перакладаць.

І ўсе яны, канечне, памятаюць інʼяз – толькі кожны свой. І я памятаю сваю l’équipe de rêve, і богападобных выкладчыкаў, і бажэсьцвенныя дранікі ў "Эсперанта", і хіханькі іх паглынаючых простых смяротных, і касмічныя мазгавыя штурмы, ды вось толькі - няматагоштораньшбыло. Бо ва ўнівер, як і ў раку, нельга ўвайсьці двойчы. "Мой інʼяз памёр – няхай жыве наш інʼяз": будзь глыбей, дарагі, будзь паўнаводней, ня бойся крутых паваротаў, дзе плынь бяжыць хутчэй, – бо ціхія завадзі становяцца балотам, хай твае рыбныя стайкі імкліва і ўпэўнена выходзяць у адкрытае жыццёвае мора. 

Жыві, інʼяз, мяняйся, інʼяз! Бурштынавыя ранкі на Румянцава, пах кавы і свежых раздруковак на руках, сляпучае сонца на зорцы абеліска і "Bed in Summer" – несмяротныя.



Мероприятия

События

18 мая 2016